АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУ і У мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс. км². Нас. 1008,8 тыс. чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.
Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) і Бэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -10°C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) і мінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл. Астраханскае радовішча), хім. і інш. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.
т. 2, с. 54